. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




10/9/11

ШТО ТАКОЕ ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ?





Іван Саверчанка, Зьміцер Санько 

            Вялікае Княства Літоўскае - гэта сярэднявечная беларуская дзяржава, што паўстала ў ХІІІ стагодзьдзі на Новагародскай зямлі. Умацаваньне яе адбывалася на эканамічным і культурным грунце старадаўных беларускіх княстваў - Полацкага, Турава-Пінскага й Смаленскага.

            Жамойты (або, як сёньня яны сябе называюць, летувісы) да ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага ня мелі ніякага дачыненьня. Утварэньне яго дыктавалася інтарэсамі беларускіх феадалаў, нашыя старажытныя землі складалі аснову эканамічнай і вайсковай магутнасьці Княства, панавальнае месца ў ім займала беларуская мова й культура, а дзяржаўнае заканадаўства разьвівалася з традыцыйнага (звычаёвага) права старажытных славянскіх народаў. Такім чынам, азначэньне гэтае дзяржавы як беларускай мае пад сабой усе падставы.
            У сваім разьвіцьці Вялікае Княства прайшло тры асноўныя этапы: станаўленьня й ўмацаваньня - ХІІІ-ХІV стагодзьдзі; росквіту й найвышэйшай магутнасьці - ХV першая палова ХVІІ стагодзьдзя; паступовага аслабленьня й заняпаду - другая палова ХVІІ стагодзьдзя - канец ХVІІІ стагодзьдзя.

            Пачатковы этап станаўленьня новай Беларускай дзяржавы характарызаваўся моцнымі цэнтралізацыйнымі тэндэнцыямі Новагародка, ягонай зацятай барацьбой з Жамойцяй, Галіцка-Валынскай зямлёй, а гэтаксама з крыжакамі - Лівонскім ды Тэўтонскім ордэнамі. Вялікае Княства няспынна імкнулася да пашырэньня сваіх межаў шляхам заваёваў у часы Альгерда (1345-1347) і Вітаўта (1392-1430). Абшары гаспадарства павялічваліся і шляхам мірнага пераходу пад ягоную юрысдыкцыю суседніх дзяржаваў, яскравы прыклад чаго - добраахвотнае далучэньне да Княства ў 1559-1560 гадох Інфлянтаў, якія шукалі паратунку ад Маскоўшчыны.
            Экспансіянісцкая палітыка Вялікага Княства, уваходжаньне ў яго склад велізарных абшараў Усходняе Эўропы надавала нашай дзяржаве характар імперыі. Асабліва гэта датычыць часоў Вітаўта, калі ўлада манарха была неабмежаванаю, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага й Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.
            Дый пазьней Княства абвяшчала свае прэтэнзіі на першынства ў славянскім сьвеце і не толькі ў ім, напрыклад у перыяд княжаньня Сцяпана Батуры, калі нават паўстаў плян крыжовага паходу "праз Маскву на Турэччыну". Але сказанае, вядома, меньш за ўсё датычыць другой паловы ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзя, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывала глыбокі заняпад і паступова страчвала свае землі.
            У залежнасьці ад дзяржаўна-палітычных межаў краіны ўдакладняўся й яе афіцыйны назоў. У ХІІІ-ХІV стагодзьдзях яна называлася Вялікае Княства Літоўскае, а часьцей за ўсё проста Літва, пасьля далучэньня ўкраінскіх земляў гаспадарства атрымала найменьне Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Затым, з уваходжаньнем у яго склад Жамойці, а пазьней Інфлянтаў ды іншых тэрыторыяў яго пачалі менаваць Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, Інфлянцкае ды інш. Гэтакім чынам, назоў дзяржавы адлюстроўваў не федэратыўную будову, як гэта часта сцьвярджаюць, а тэрытарыяльныя валоданьні вялікага князя.
            Палітычны ляд Вялікага Княства Літоўскага - тыповая абмежаваная феадальная манархія на чале зь вялікім князем. Ролю найвышэйшага заканадаўчага органа выконваў Галоўны зьезд (Сойм) шляхты, на які дэпутатаў абіралі праз дэмакратычныя выбары.
            Паводле прынцыпаў дзяржаўнага й адміністрацыйнага ўпарадкаваньня Вялікае Княства зьяўлялася ўнітарнай краінай. Усялякія сепаратныя памкненьні земляў, ваяводстваў, паветаў ці проста асобных моцных феадалаў расцэньваліся як парушэньне закону, дзяржаўнае злачынства і таму жорстка пераследваліся. Своеасаблівы феадальны "федэралізм" меў месца толькі на пачатку ўваходжаньня новых земляў у склад гаспадарства, у пэўны "пераходны перыяд", калі далучаныя абшары "асвойваліся". Але ён, як правіла, з часам разбураўся пад націскам агульнай унітарнай тэндэнцыі, што панавала ў Беларускай дзяржаве, асабліва з канца ХІV стагодзьдзя, калі Вітаўт на працягу 1392-1396 гадоў дарэшты зьліквідаваў сістэму мясцовага (удзельнага) княжаньня. З другой паловы ХV стагодзьдзя цэнтралізацыйныя працэсы яшчэ больш паскорыліся, бо набылі вагу агульнагаспадарскія законы.
            Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае - гэта спэцыфічнае дзяржаўнае ўтварэньне, што існавала ў ХІІІ-ХVІІІ стагодзьдзях у геаграфічным цэнтры Эўропы, пераемніцай якога - пасьля працяглага знаходжаньня нашых земляў у складзе Расейскай імпэрыі - была Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная 25 сакавіка 1918 года, у пэўнай меры ўтвораная ў 1919-1920 гадах Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і, нарэшце, сёньня пераемніцай гістарычных і культурных традыцый Вялікага Княства Літоўскага зьяўляецца суверэнная Рэспубліка Беларусь.
Крыніца: 150 пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі. Менск, 1999

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы