Жамойць
(лацінская форма - Самагіція, польская - Жмудзь) - гэта гістарычная вобласьць
па ніжнім цячэньні Нёмана і ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, заселеная плямёнамі
балтаў. У 1422 годзе, у часе
княжаньня Вітаўта, яна была канчаткова далучаная да Вялікага Княства Літоўскага
і стала яго неадлучнай часткай. З часам нашыя продкі пачалі называць жамойтамі
ня толькі насельнікаў уласна Жамойці, але й роднасныя ім плямёны.
Умовы для замацаваньня
за Жамойцяй назову «Літва» склаліся ў ХІХ стагодзьдзі. Дзеячы жамойцкага
нацыянальнага адраджэньня для забяспечаньня свайму руху гістарычнае асновы
выкарысталі - у якасьці этнічнага - найменьне старадаўнай беларускай дзяржавы
Вялікага Княства Літоўскага, а ня свой, спрадвечны, назоў Жамойць (які, дарэчы,
шырока ўжываўся і ў ХІХ стагодзьдзі, але не асацыяваўся з уяўленьнямі пра
разьвітую старажытную дзяржаўнасьць).
Зразумела,
яны прысвоілі ня толькі найменьне «Літва», але і заявілі пра свае выключныя
правы на гістарычную й культурную спадчыну нашае старадаўняе дзяржавы і, у прыватнасьці,
на яе сыімболіку. А паколькі ў жамойцкай
мове не было нават слова для абазначэньня галоўнага дзяржаўнага сымбалу
Вялікага Княства, жамойцкія адраджэнцы прыдумалі яго. Зрабіў гэта ў 1845 годзе
гісторык С.Даўкантас, назваўшы нашую «Пагоню» наватворам «Віціс». На свой лад
перакручвалі яны й імёны нашых гістарычных дзеячоў: Вітаўт стаў у іх Вітаўтас,
Астрожскі - Астрагішкіс, Хадкевіч - Кяткявічус, Радзівіл - Радвіла, Пац - Пацас
і г.д.
Тым
часам нашыя прадзеды аж да канца ХІХ стагодзьдзя захоўвалі саманазоў
«ліцьвіны». Але, на жаль, беларускае
нацыянальнае адраджэньне запазьнілася, пачалося значна пазьней за жамойцкае.
Нашыя адраджэнцы, пачынаючы з Ф.Багушэвіча, ужо не маглі карыстацца спрадвечным
саманазовам «ліцьвіны» і змушаныя былі прыняць найменьне, якое тады было ўжо
даволі пашыранае на Смаленшчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне і выкарыстоўвалася
расейскім друкам - «беларусы».
Канчаткова
назоў «Літва» ў форме «Летува» афіцыйна быў замацаваны за Жамойцяй 16 лютага
1918 года актам аб незалежнасьці, і, такім чынам, быў пастаўлены знак роўнасьці
паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Летувой. Усё гэта і спрычынілася да таго, што ў грамадскай свядомасьці
ўкаранілася думка, нібыта сучасная Рэспубліка Летува - спадкаемка Вялікага
Княства Літоўскага.
На ўселякі выпадак. Герб на малюнку належыць гораду Св.Гален , які знаходзіцца на мяжы Нямеччыны і Швайцарыі. Мяркуючы па ўсяму, сэнс алегорыі мядзведзь і нашыйнік - падбітае паганскае насельніцтва, якое ахрысціў Св.Гал. Тое сама, падобна, у выпадку з Жамойцю. Мажліва, гэты герб ім крыжакі накінулі, калі пачалі спробы ахрысціць іх.
ReplyDelete