Іван Саверчанка,
Зьміцер Санько
Вялікае Княства Літоўскае - гэта
сярэднявечная беларуская дзяржава, што паўстала ў ХІІІ стагодзьдзі на
Новагародскай зямлі. Умацаваньне яе адбывалася на эканамічным і культурным
грунце старадаўных беларускіх княстваў - Полацкага, Турава-Пінскага й
Смаленскага.
Жамойты (або, як сёньня яны сябе
называюць, летувісы) да ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага ня мелі
ніякага дачыненьня. Утварэньне яго дыктавалася інтарэсамі беларускіх феадалаў,
нашыя старажытныя землі складалі аснову эканамічнай і вайсковай магутнасьці
Княства, панавальнае месца ў ім займала беларуская мова й культура, а
дзяржаўнае заканадаўства разьвівалася з традыцыйнага (звычаёвага) права
старажытных славянскіх народаў. Такім чынам, азначэньне гэтае дзяржавы як
беларускай мае пад сабой усе падставы.
У сваім разьвіцьці Вялікае Княства
прайшло тры асноўныя этапы: станаўленьня й ўмацаваньня - ХІІІ-ХІV стагодзьдзі;
росквіту й найвышэйшай магутнасьці - ХV першая палова ХVІІ стагодзьдзя;
паступовага аслабленьня й заняпаду - другая палова ХVІІ стагодзьдзя - канец
ХVІІІ стагодзьдзя.
Пачатковы этап станаўленьня новай
Беларускай дзяржавы характарызаваўся моцнымі цэнтралізацыйнымі тэндэнцыямі
Новагародка, ягонай зацятай барацьбой з Жамойцяй, Галіцка-Валынскай зямлёй, а
гэтаксама з крыжакамі - Лівонскім ды Тэўтонскім ордэнамі. Вялікае Княства
няспынна імкнулася да пашырэньня сваіх межаў шляхам заваёваў у часы Альгерда
(1345-1347) і Вітаўта (1392-1430). Абшары гаспадарства павялічваліся і шляхам
мірнага пераходу пад ягоную юрысдыкцыю суседніх дзяржаваў, яскравы прыклад чаго
- добраахвотнае далучэньне да Княства ў 1559-1560 гадох Інфлянтаў, якія шукалі
паратунку ад Маскоўшчыны.
Экспансіянісцкая палітыка Вялікага
Княства, уваходжаньне ў яго склад велізарных абшараў Усходняе Эўропы надавала
нашай дзяржаве характар імперыі. Асабліва гэта датычыць часоў Вітаўта, калі
ўлада манарха была неабмежаванаю, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага й
Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і
Разань.
Дый пазьней Княства абвяшчала свае
прэтэнзіі на першынства ў славянскім сьвеце і не толькі ў ім, напрыклад у
перыяд княжаньня Сцяпана Батуры, калі нават паўстаў плян крыжовага паходу
"праз Маскву на Турэччыну". Але сказанае, вядома, меньш за ўсё
датычыць другой паловы ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзя, калі Вялікае Княства Літоўскае
перажывала глыбокі заняпад і паступова страчвала свае землі.
У залежнасьці ад
дзяржаўна-палітычных межаў краіны ўдакладняўся й яе афіцыйны назоў. У ХІІІ-ХІV
стагодзьдзях яна называлася Вялікае Княства Літоўскае, а часьцей за ўсё проста
Літва, пасьля далучэньня ўкраінскіх земляў гаспадарства атрымала найменьне
Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Затым, з уваходжаньнем у яго склад Жамойці,
а пазьней Інфлянтаў ды іншых тэрыторыяў яго пачалі менаваць Вялікае Княства
Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, Інфлянцкае ды інш. Гэтакім чынам, назоў дзяржавы
адлюстроўваў не федэратыўную будову, як гэта часта сцьвярджаюць, а
тэрытарыяльныя валоданьні вялікага князя.
Палітычны ляд Вялікага Княства
Літоўскага - тыповая абмежаваная феадальная манархія на чале зь вялікім князем.
Ролю найвышэйшага заканадаўчага органа выконваў Галоўны зьезд (Сойм) шляхты, на
які дэпутатаў абіралі праз дэмакратычныя выбары.
Паводле прынцыпаў дзяржаўнага й
адміністрацыйнага ўпарадкаваньня Вялікае Княства зьяўлялася ўнітарнай краінай.
Усялякія сепаратныя памкненьні земляў, ваяводстваў, паветаў ці проста асобных
моцных феадалаў расцэньваліся як парушэньне закону, дзяржаўнае злачынства і таму
жорстка пераследваліся. Своеасаблівы феадальны "федэралізм" меў месца
толькі на пачатку ўваходжаньня новых земляў у склад гаспадарства, у пэўны
"пераходны перыяд", калі далучаныя абшары "асвойваліся".
Але ён, як правіла, з часам разбураўся пад націскам агульнай унітарнай
тэндэнцыі, што панавала ў Беларускай дзяржаве, асабліва з канца ХІV
стагодзьдзя, калі Вітаўт на працягу 1392-1396 гадоў дарэшты зьліквідаваў
сістэму мясцовага (удзельнага) княжаньня. З другой паловы ХV стагодзьдзя
цэнтралізацыйныя працэсы яшчэ больш паскорыліся, бо набылі вагу
агульнагаспадарскія законы.
Такім чынам, Вялікае Княства
Літоўскае - гэта спэцыфічнае дзяржаўнае ўтварэньне, што існавала ў ХІІІ-ХVІІІ
стагодзьдзях у геаграфічным цэнтры Эўропы, пераемніцай якога - пасьля працяглага
знаходжаньня нашых земляў у складзе Расейскай імпэрыі - была Беларуская
Народная Рэспубліка, абвешчаная 25 сакавіка 1918 года, у пэўнай меры ўтвораная
ў 1919-1920 гадах Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і, нарэшце,
сёньня пераемніцай гістарычных і культурных традыцый Вялікага Княства
Літоўскага зьяўляецца суверэнная Рэспубліка Беларусь.
Крыніца: 150
пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі. Менск, 1999
No comments:
Post a Comment