. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




6/27/14

Князь Альгерд нарэшце вярнуўся ў Віцебск



Гэтага помніка чакалі ў Віцебску 4 гады, і нарэшце знакавая падзея адбылася: на былой Рынкавай плошчы, насупраць Сьвята-Ўваскрасенскае царквы, урачыста зьнялі палатніну з коннай скульптуры вялікага князя літоўскага Альгерда.

Урачыстае адкрыцьцё помніка князю Альгерду, які ўладарыў у сярэднявечным Віцебску, адбылося ў Дзень гораду. І стала ці ня самым цікавым пунктам у праграме сьвяткаваньняў 1040-х угодкаў Віцебску, заснаванага, паводле паданьня, у 974 годзе. Прынамсі, гэтая падзея сабрала ў цэнтры Віцебску некалькі соцень мясцовых жыхароў і гасьцей.

Сярод прысутных былі і прадстаўнікі ўладаў — на чале са старшынём Віцебскага аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам, і прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў, прычым госьці зь Ліпецку чамусь прыйшлі на сьвята Віцебску з расейскімі сьцяжкамі-трыкалёрамі. Але запэўнілі, што гэта — ня нейкая правакацыя, а адзнака братняй прыхільнасьці да віцяблянаў.
Вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў у Віцебск прыехаць ня змог, але лічыць зьяўленьне гэтага помніка важным і значным:
- Даведаўшыся гэтую навіну, я падумаў: «Нарэшце! Нарэшце мы маем годны помнік аднаму з самых славутых уладароў дзяржавы нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага. Гэты вялікі князь паказаў сябе і дальнабачным палітыкам, і выбітным палкаводцам. За часы яго ўладараньня наша дзяржава больш як у два разы павялічыла сваю тэрыторыю і значна ўмацавала свой аўтарытэт у Эўропе. На час Альгердавага ўладараньня прыпаў пік нападаў Тэўтонскага ордэна, які імкнуўся адрэзаць нашу дзяржаву ад Балтыкі. Альгерд адбіў шэсьць нападаў нямецкіх рыцараў. Разам з тым на поўдні ў 1362 годзе на Сініх водах разграміў ардынцаў. І гэта была першая ва Ўсходняй Эўропе буйная перамога над татарамі, у выніку якой былі вызваленыя ад прыгнёту і далучаны да ВКЛ украінскія землі — Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская землі і Падольле. Баронячы сувэрэнітэт дзяржавы па іншых напрамках, Альгерд зьдзейсьніў пасьпяховы паход на Польшчу і тры пасьпяховыя экспэдыцыі на Маскву. Дарэчы, памятка пра тыя падзеі — гэта Паклонная гара ў Маскве: якраз туды маскоўскія баяры прыходзілі на паклон да Альгерда з выкупам...
Князь Альгерд быў сынам Гедыміна, заснавальніка новай дынастыі ў Вялікім княстве Літоўскім і Рускім. Ад бацькі ён атрымаў Крэўскае княства, а пасьля жаніцьбы зь віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай — і Віцебскае княства. Аднак менавіта тая акалічнасьць, што ён вёў войны з Маскоўскім княствам, васалам Залатой Арды, і спарадзіла спрэчкі, ці варты князь Альгерд ушанаваньня ў Віцебску. Знайшліся прарасейска настроеныя «прадстаўнікі грамадзкасьці гораду», якія цягам чатырох мінулых гадоў пісалі скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі, даводзячы, што гэта «чужы князь», «вораг Расеі і братняга беларусам расейскага народу».
Праўда, з самай высокай інстанцыі, якую скаржнікі ведалі — з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі — ім не адказвалі ўвогуле. А што да мясцовых, віцебскіх уладаў, то гарвыканкам нават зладзіў грамадзкае абмеркаваньне на тэму: «Ці патрэбны Віцебску помнік князю Альгерду?». І правёў яго, хоць абвешчаны самімі чыноўнікамі конкурс на лепшы праект помніка вялікаму князю літоўскаму на той час ужо завяршыўся.
Пераможцам конкурсу прызналі віцебскага аўтара Валерыя Магучага. Згодна зь ягонай задумай, Віцебск меўся атрымаць конную статую князя Альгерда ў паляўнічым строі з сокалам на руцэ, вышынёй больш за 4 мэтры разам з пастамэнтам. Аднак усе мінулыя 4 гады пастамэнт, ужо падрыхтаваны для помніка, быў пусты. Яго нават абвясьцілі самастойным мастацкім аб’ектам — зрабілі бронзавыя накладкі з выявамі віцебскіх замкаў ды так і назвалі — «Помнік віцебскім замкам». Абяцаньне ж наконт помніка князю Альгерду віцебскі гарвыканкам паўтараў перад кожным Днём гораду аж з 2010 году.
Сёлета гараджане ўрэшце ўбачылі помнік — але ня той, якім яго бачыў скульптар Валеры Магучы — пераможца конкурсу праектаў. Манумэнт зь нейкіх прычынаў, якіх віцяблянам не патлумачылі, даручылі зрабіць менскаму аўтару Сяргею Бандарэнку. Ён вядомы майстар скульптурных выяваў коней. Сярод ягоных працаў, да прыкладу, — скульптуры каля менскага цырку.
Дарэчы, менскі скульптар Сяргей Бандарэнка — адзін зь пераможцаў конкурсу на лепшы помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Гэты помнік улады Наваградку некалькі год таму паабяцалі ўсталяваць у сваім горадзе.
Такім чынам, віцебскі Альгерд — гэта першы паўнавартасны помнік вялікаму князю літоўскаму на тэрыторыі сучаснай Беларусі, калі не лічыць драўлянай скульптуры вялікага князя літоўскага Вітаўта ў вёсцы Пялеса Воранаўскага раёну, што на Гарадзеншчыне.
У суседняй Летуве вялікіх князёў ушаноўваюць нашмат маштабней. У Вільні на Катэдральнай плошчы ёсьць манумэнт у гонар князя літоўскага Гедыміна, легендарнага заснавальніка гораду. Ён быў урачыста адкрыты ў 1996-м годзе, а ў 2003 годзе каля Нацыянальнага музэю Летувы быў усталяваны помнік першаму і адзінаму каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Каранацыя вялікага князя адбылася 6 ліпеня 1253 году ў Наваградку. Гэтай падзеі ў сучаснай Летуве прысьвечана і адмысловае сьвята — Дзень дзяржавы, якое адзначаецца 6 ліпеня. У Беларусі нічога падобнага не сьвяткуецца.

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы