. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




6/4/13

Беларусь і Летува: ў пошуках гістарычнага кампрамісу ў спадчыне ВКЛ



Кірыл Касцян


У сваім нядаманета 10 літаў з нагоды 20-годдзя незалежнасці Летувыўнім інтэрв’ю беларускі гісторык др. Алесь Краўцэвіч разважаў пра выкарыстанне тэрмінаў Летува і летувіс(ы) датычна сённяшняй нацыянальнай дзяржавы гэтага балцкага народу. Ён адзначыў, што ў такі спосаб ён аддзяляе “гістарычную Літву ад сучаснай Летувы”, бо “з этнічнага пункту гледжаньня гэта было абсалютна іншае ўтварэнне, чым сучасная Летува”. Краўцэвіч падкрэслівае, што выкарыстанне двух тэрмінаў не нясе аніякай негатыўнай канатацыі і ёсць “тэхнічным пытаннем, каб аддзяліць” і падаць аб’ектыўнейшую карціну тагачаснай гісторыі.

Сапраўды, датычна сучаснай паўночна-заходняй суседкі Беларусі ў беларускамоўнай прасторы ўжываюцца два тэрміны “Літва” і “Летува”, а таксама адпаведна “літоўцы” і “летувісы” дзеля абазначэння яе тытульнай нацыі. Пры гэтым, аргументацыя тых, хто выкарыстоўвае тэрмін “Літва” можа палягаць на розных прычынах – ад спасылкі на традыцыйнасць ужывання гэтага назову ў афіцыйным стандарце беларускай мовы яшчэ ад савецкіх часоў, простага нежадання сварыцца з суседзямі да адмовы беларусам у наяўнасці ўласнай дзяржаўнасьці ў гісторыі. Пры гэтым, такое выкарыстанне не адрознівае гістарычную Літву, дзяржаўнасць якой скончылася разам з падзеламі Рэчы Паспалітай яшчэ ў данацыянальныя часы, ад сучаснай нацыянальнай дзяржавы на паўночны захад ад Беларусі. Варта заўважыць, што хіба што большасць тых, хто выкарыстоўвае аднолькавы тэрмін “Літва”, як у гістарычным, так і ў сучасным кантэкстах, згодныя з фактам змены значэння гэтага паняцця цягам гісторыі, прымаючы тэзу пра тое, што з этнічнага пункту гледжаньня гэта былі абсалютна розныя ўтварэнні. Аднак, выкарыстанне аднолькавага тэрміну ў гістарычным і сучасным кантэкстах не дазваляе “аддзяліць”, а наадварот спрыяе таму, што ўсе дзеі гістарычнай Літвы хай сабе і міжвольна прысвайваюцца сучаснай Летувой.
Таму, у гэтым тэксце мы паспрабуем разабрацца, чаму ў беларускай мове варта пашыраць выкарыстанне тэрміну “Летува” і “летувісы”, датычна сучаснай нацыянальнай дзяржавы на паўночны захад ад Беларусі.

Замежны досвед на прасторах аб’яднанай Еўропы

Падобная праблематыка выкарыстання розных назваў для абазначэння данацыянальных і ўзніклых на іх рэштках нацыянальных краінаў не ёсць выняткова беларускай праблемай. Найяскравейшым прыкладам ёсць шматнацыянальная дзяржаўная фармацыя ў цэнтры Еўропы – Вугорскае каралеўства (Regnum Hungariae) як асобна, так і як частка Аўстра-Вугоршчыны (Österreichisch-Ungarische Monarchie). Назва гэтай дзяржавы ў мовах розных славянскіх народаў, якія калісьці мелі дачыненне да гэтай фармацыі, адрозніваецца ад назвы нацыянальнай дзяржавы вугорскага народу, якая існуе на частцы тэрыторыі былой шматнацыянальнай краіны. Гэтая нацыянальная дзяржава да 2011 году афіцыйна называлася Вугорскай рэспублікай, а пасля прыняцця новай Канстытуцыі – проста Вугоршчынай. Зірнем у табліцу, якая паказвае гэтыя назвы ў розных мовах: 
Вугоршчына (каралеўства)Вугоршчына (рэспубліка)
ЧэшскаяUherskoMaďarsko
СлавацкаяUhorskoMaďarsko
ГорналужыцкаяWuherskaMadźarska
СербскаяУгарскаМађарска
ХарвацкаяUgarskaMađarska
СлавенскаяOgrskaMadžarska
З табліцы вынікае, што гэтыя мовы робяць розніцу ў назве шматэтнічнай дзяржавы, якой было Вугорскае каралеўства да 1918 г., і новапаўсталай вугорскай нацыянальнай дзяржавай. Логіка такога падзелу палягае ў тым, што новапаўсталая нацыянальная дзяржава займае толькі траціну былога шматэтнічнага каралеўства і месціцца на землях, якія ёсць тэрыторыяй рассялення вугорскай нацыі, прадстаўнікі якой самі сябе называюць мадзярамі (адз.л.: magyar, мн.л.: magyarok), а сваю краіну –Magyarország незалежна ад гістарычнага кантэксту. Варта зазначыць, што хоць іншыя мовы (у тым ліку ангельская і нямецкая) не ведаюць розніцы паміж Вугоршчынай і “Мадзяршчынай”, лексіка-семантычныя значэнні для прыметнікаў “вугорскі” і “мадзярскі” ў гэтых мовах адрозніваюцца.

Адмова ад абэцэдаршчыны

Ужыванне тэрміну Летува ў беларускай навуцы мае доўгую традыцыю датычна нацыянальнай дзяржавы гэтага балцкага народу (Ян Станкевіч, Паўла Урбан, Вітаўт Тумаш і іншыя). Падобна як і ў выпадку з мадзярамі, тэрмін Летува паходзіць ад саманазвы нацыянальнай дзяржавы (Lietuva), а “летувісы” – ад саманазвы тытульнай нацыі (адз.л.: lietuvis, мн.л.:lietuviai). Зазначым, што форма ўтварэння множнага ліку, т.б. “летувісы”, падобная да выпадку з “мадзярамі” – інакш кажучы, яна ўтвараецца з дапамогай канчатку множнага ліку, уласцівага беларускай мове. Логіка за такім разрозненнем выглядае стоадсоткава падобнай да логікі славянскіх народаў тэрыторыі былога Вугорскага каралеўства – летувіская нацыянальная дзяржава, абвешчаная ў 1918 годзе, займала толькі малую частку былога шматэтнічнага княства і месцілася выключна на землях, якая ёсць тэрыторыяй рассялення летувіскай нацыі.
Аднак, у адрозненні ад чэшскай і славацкай гістарычных навукаў, беларуская гістарычная навука, як справядліва падкрэслівае Паўла Урбан “доўгі час ня мела ўласнага незалежнага погляду на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага й мусіла працаваць у рэчышчы расейскіх прапагандысцкіх стэрэатыпаў. За гэты час у Летуве былі створаныя й пашыраныя канцэпцыі, паводле якіх летувісы ёсьць адзіныя спадчыньнікі Княства, а беларусы ня маюць да ВКЛ ніякага дачыненьня. Пра заваёвы “літоўскіх князёў” і захоп імі “рускіх земляў” пісалі таксама польскія гісторыкі, паўтараючы, што ў Вялікім Княстве палітычна панаваў летувіскі этнічны элемэнт”. Ва ўмовах савецкай дзяржавы з яе адзінай ідэалагічнай лініяй  ў сферы гісторыі гэта азначала не проста адмову беларусам у іх гістарычнай дзяржаўнасці, але і прасоўванне ў масы гісторыі, якой насамрэч не было, што, зразумела, цягам некалькіх пакаленняў не магло не паўплываць на нацыянальную ідэнтычнасць. Дарма казаць, што менавіта з гэтай прычыны развіццё адпаведных тэрмінаў на чэска-славацкі манер датычна “Літвы” і “Летувы” адбывалася на эміграцыі.

Адпаведнасць канстытуцыйнаму заканадаўству

Такім чынам, мы бачым, што ўжыванне тэрміну Летува ў беларускай гістарычнай навуцы мае не толькі лагічнае абгрунтаванне, але і адпавядае еўрапейскаму досведу датычна асэнсавання спадчыны шматэтнічных данацыянальных дзяржаўных фармаванняў.
Акрамя таго, яно адпавядае юрыдычнаму асэнсаванню гістарычнай Літвы ў беларускім праве. У Другой і Трэцяй Ўстаўных граматах БНР “далюблінскі” перыяд гісторыі Беларусі, а ў трэцяй і знаходжанне беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай, трактуюцца як часы, калі беларускія землі былі “вольным і незалежным краем”. Падобны падыход можна знайсці і ў сучаснай беларускай Канстытуцыі, якая кажа пра “шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці”. І хоць канстытуцыйныя акты БНР і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не кажуць пра наўпроставую пераемнасць паміж ВКЛ і БНР ці Рэспублікай Беларусь, але такія фармулёўкі дазваляюць разглядаць ВКЛ як адну з формаў гістарычнай дзяржаўнасці беларускага народа. У сваю чаргу, фармулёўка Канстытуцыі БССР 1978 г., згодна з якой, БССР разглядалася як першая ў гісторыі беларуская дзяржаўнасць, “здабытая з дапамогай рускага пралетарыяту”, адпавядае згаданай Паўлам Урбанам тэзе пра тое, што беларуская навука была пазбаўленая незалежніцкага погляду і мусіла адпавядаць савецкім прапагандысцкім стэрэатыпам, выхоўваючы грамадзянаў, якія ведалі гісторыю, якой не было, што ў адпаведны спосаб фармавала іх ідэнтычнасць.
Адсюль вынікае, што разглядаючы гістарычную Літву як адну з формаў гістарычнай дзяржаўнасці беларускага народа і называючы па-беларуску такім самым чынам нацыянальную дзяржаву суседняга народу, мы супярэчым звычайнай логіцы, што можа быць сфармулявана ў форме пытання – “калі гістарычная Літва была адной з формаў гістарычнай дзяржаўнасці беларускага народу, то чаму зараз гэтым імем называецца суседняя дзяржава іншага народу?”

Пакрыўджаны сусед?

Дарма казаць, што гэты погляд на гісторыю з распаўсюдам назвы Летува ў тым ліку і на афіцыйную беларускую мову можа (і будзе) мець шмат апанэнтаў з абодвух бакоў мяжы. Чамусьці ўся аргументацыя беларускіх апанентаў ужывання тэрміну Летува зводзіцца зазвычай да абвінавачванняў ва ўяўнай неабазананасці ў беларускай ці летувіскай лінгвістыцы, нацыяналізме, гістарычным рэвізіянізме і нянавісці да суседняга народу. Такім людзям дарма тлумачыць чысты функцыяналізм выкарыстання тэрміну, які, як слушна адзначыў др. Алесь Краўцэвіч, не нясе ніякай негатыўнай канатацыі, а мае выключна тэхнічныя прычыны, каб аддзяліць два паняцці з розным зместам. Пры гэтым, ужыванне такой тэрміналогіі не азначае адмаўлення летувіскаму народу і дзяржаве ў спадчыне ВКЛ.
Варта зазначыць, што гэтая спадчыннасць адлюстраваная ў канстытуцыйных актах першай і другой Летувіскай рэспублікі. Так, дэкларацыя незалежнасці 1918 г. прынятая ад імя Тарыбы, што называла сябе адзіным прадстаўніком летувіскага народу, абвяшчала аднаўленне незалежнай дзяржавы з Вільняй у якасці сталіцы. Падобна, сучасная Канстытуцыя Летувы падкрэслівае, што менавіта летувіскі народ “шмат вякоў таму стварыў Летувіскую дзяржаву” і што “яго  [народу]  прававы фундамент грунтуецца на Літоўскіх Статутах”. Акрамя таго, у Канстытуцыі падкрэсліваецца, што сталіцай Летувіскай дзяржавы з'яўляецца горад Вільня – “шматвяковая гістарычная сталіца Летувы”. Гэтыя юрыдычныя акты такім чынам скіраваныя на замацаванне прававой пераемнасці паміж Вялікім княствам Літоўскім і Летувіскай Рэспублікай.
Зразумела, што маленькай краінай з насельніцтвам, меншым за тры мільёны, і вельмі складанай гісторыяй адносінаў з суседнімі народамі і дзяржавамі цягам апошніх ста гадоў пытанні ідэнтычнасці адчуваюцца вельмі востра. Магчыма, менавіта таму ў напісаным народным пісьменнікам ЛетССР Антанасам Венцлавам гімне Летувіскай СССР, у межах якой і канчаткова сфармавалася сучасная тэрыторыя краіны, ёсць радкі, што адмыслова згадваюць Вільню і Балтыйскае мора (Kur Vilniuskur Nemunas,Baltijos jūraten klesti mūs miestaiderlingi laukai – Дзе Вільня, дзе Нёман, Балтыйскае мора, там квітнеюць нашы гарады, урадлівыя нівы), называючы гэтыя тэрыторыі са складанай гісторыяй.
Пэўна, змены на беларускім баку ў пашырэнні выкарыстання назвы Летува датычна суседняй краіны могуць выклікаць крыўды на летувіскім баку. Але гэтыя змены ніяк не ўплываюць на змест бачання ВКЛ у канстытуцыйным заканадаўстве Летувы, як зрэшты, магчымыя крыўды не будуць мець ніякага ўплыву на трактаванне ВКЛ у канстытуцыйным заканадаўстве Беларусі. Больш за тое, змена назвы не выключае магчымасцяў для канструктыўнай супрацы і дыялогу на прынцыпах узаемапавагі і ўзаемаразумення. Наадварот, прыняцце агульнага гістарычнага мінулага па формуле “сучасная Беларусь і сучасная Летува ёсць нашчадкамі гістарычнай Літвы” можа спрычыніцца да шырэйшага гістарычнага ўзаемапаразумення краінаў і народаў і знікнення дагэтуль існых упярэджанняў ці нават фобіяў датычна адно аднаго.

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы