. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




10/1/11

БЕЛАРУСЫ – СЛАВЯНА-БАЛТЫ?


(Інтэрвiю з Валянцінам Сядовым)

            Не сакрэт, што гуманітарная навука Савецкай Беларусі існавала ў межах, вызначаных ідэалягічнымі догмамі. І хоць гэтыя догмы былі нам, беларусам, у свой час навязаныя, але прыжыліся ў нашым палітычным клімаце, i нават пачалі даваць атрутныя плады - нацыянальны й духоўны нігілізм. Найперш гэта выяўлялася ў гуманітарнай навуцы. Узяць хаця бы сумны лёс, што напаткаў «тэорыю балцкага субстрату», якая найбольш завершана была сфармуляваная ў 60-х - пачатку 70-х гадох, калі па ўсім Савецкім Саюзе, не абмінаючы й Беларусь, пракацілася хваля цкаваньня так званых «нацыяналістаў». Гэта тэорыя ставіла пад сумненьне славянскую «чысціню» паходжаньня беларусаў, а значыць, і само існаваньне адзінай старажытнарускай народнасьці, зь якой нібыта вылучыліся расейцы, украінцы й беларусы. Што ў сваю чаргу закранала палітычныя дактрыны, пабудаваныя на груньце этнічна абумоўленага адзінства ўсходніх славян. Таму й не дзіўна, што ў тагачаснай Акадэміі навук БССР тэорыя балцкага субстрату была прынята ў штыкі.

            «Палітычныя амбіцыі пераважалі над навуковымі фактамі», - так лічыць аўтар гэтае тэорыі, доктар археялёгіі Валянцін Сядоў. Гутарка карэспандэнтаў зь вядомым навукоўцам адбылася ў Маскве, дзе той жыве й працуе.
            - Скажыце, калі ласка, якім чынам вы, здавалася б, далёкі ад Беларусі маскоўскі навуковец, прыйшпі да тэорыі «балцкага субстрату», тэорыі, якая цалкам зьмяніла ранейшае ўяўленьне пра паходжаньне беларусаў?

            - У аспіранцкія гады я працаваў над тэмай «крывічы й саславяне», і мне выпала займацца курганамі. З вынікаў раскопаў у Беларусі й Смаленшчыне відаць, што гэтыя землі адрозьніваюцца ад Кіеўшчыны, Ноўгарадчыны, Валыні, Польшчы асобным кшталтам упрыгожаньняў, якія можна супаставіць са старажытналетувіськімі ды старажытналатыськімі тыпамi (нагрудныя, гарлавыя каралі, грыўні на шыю, культавыя зьмеі). Найболей яны захаваліся на тэрыторыі сучасных Летувы ды Латвіі, найменш у Беларусі ды Смаленшчыне. У той час на Ўладзіміршчыне, у Падмаскоўі, на Кіеўшчыне, на Валыні такіх упрыгожаньняў няма навогул.
            Вывучаючы пахавальны абрад, я заўважыў, што ў Беларусі ды Смаленшчыне побач з заходняй арыентацыяй славян, калі за паганськім часам мужчын хавалі тварам на ўсход, сустракаецца значная колькасьць курганоў з усходняй арыентацыяй (у Латгаліі ды Жамойці такіх курганоў раскапана колькі сотняў).
            Нам добра вядома фіна-вугорская, іранская, балцкая гідраніміка, каб зрабіць выснову, што назвы рэк Беларусі й Смаленшчыны ў большасьці балцкага паходжаньня.
            - Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасьць вашае тэорыі?
            - На падставе археялягічных дадзеных можна сцьвярджаць, што ў канцы бронзавага й ў жалязовым веку на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга ўзьбярэжжа Балтыйскага мора да вярхоўяў Дона, уключаючы ўвесь басэйн Акі, і ад Падняпроўя да Кіеўшчыны жылі балты. Спачатку яны карысталiся адзінымі балцкімі гаворкамі. Потым гэты арэал распаўся на тры часткі: Заходнія, Усходнія й Дняпроўскія балты. Зь сярэдзіны I тысячагодзьдзя пачынаецца моцная міграцыя славян. Узьнікае пытаньне: ці пасунулі славяне балтаў? Курганныя матэрыялы сьведчаць, што не. Балты ўдзельнічалі ў этнагенэзе гэтых славянскіх плямёнаў, увайшлі ў іх склад, прынялі мову, а дакладней, яе розныя дыялекты.
            Балцкія элемэнты ў Беларусі ды Смаленшчыне выяўляюцца найперш у гідраніміцы й дыялекталёгіі, а таксама ў палеантрапалёгіі. Пасьля Беларусь склала аснову Вялікага Княства Літоўскага й такім чынам адасобілася ад пскоўскіх, ноўгарадзкіх ды маскоўскіх земляў. І фармаваньне беларусаў праходзіла на падставе балцкага субстрату. Археалягічна гэта лёгка прасачыць.
            - Калі й дзе вы ўпершыню выступілі са сваёй тэорыяй?
            - Першы раз я выступіў у пачатку 60-х гадох на археалягічнай канфэрэнцыі ў Менску. І адразу ж маю тэорыю не прынялі. Як мне здавалася, з-за нейкіх палітычных матываў. Супраць найбольш рэзка выступіў тады Гарбуноў. Калісьці пры Сталіне ён быў Старшынёй Савета Міністраў Беларусі, а за Хрушчовым яго зрабілі сакратаром адзьдзяленьня гуманітарных навук АН БССР. Натуральна, ён быў вельмі далёкі ад усіх гэтых праблемаў. Самым сур'ёзным ягоным аргумэнтам было: «Мы били готтов и балтов сюда не пускали». Відаць, тагачаснае кіраўніцтва хацела, каб беларусы былі «найбольш чыстым славянскім племем», а ня «балцкім субстратам».
            Палякі, якія былі тады на канфэрэнцыі, запрасілі мяне выступіць у Польшчы. У 1966 годзе я чытаў даклад аб «балцкім субстраце» ў этнагенэзе беларусаў у Варшаве й ў Беларускім навуковым таварыстве ў Беластоку. У 1970-м выйшла мая кніга «Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья». Яшчэ раней, у 1967-м і 69-м, гэтай жа тэме я прысьвяціў артыкулы ў часопісе «Советская этнография».
            - Здаецца, пасьля першай публікацыі й разгарэлася на старонках часопіса дыскусія?
            - Так. На старонках «Советской этнографии» маімі апанэнтамі выступілі Жучкевіч, М.Грынблат, Трацьцякоў, Хабургаеў, здаецца, Бандарчык і іншыя. Паводле іх, этнагенэз беларусаў трэба разглядаць на аснове старажытнарускай народнасьці, а ніяк ня балцкага субстрату. У другой маёй публікацыі я даў адказ на ўсе прыведзеныя аргумэнты. А беларусы ўсё нешта шумелі, былі незадаволеныя. Мне нават казалі, што пры разглядзе маёй доктарскай працы ў Вышэйшай Атэстацыйнай Камісіі ў Маскве, беларусы выступалі супраць зацьвярджаньня маёй работы, маўляў, мой пункт гледжаньня палітычна шкодны. Але мяне падтрымалі іншыя навукоўцы, даводзячы, што навуковы пункт гледжаньня аўтара мае права на існаваньне. Пасьля дысэртацыі я напісаў кнігу. Усе рэцэнзіі былі станоўчыя. Нягледзячы на некаторыя ўнёські, прынцыпова ніхто супраць балцкага субстрату не выказаўся. У кніжцы я падаў мапы, антрапалягічныя табліцы, вымеры, зь якіх відавочна, што, напрыклад, пахаваньні X-XIII стагодзьдзяў з усходняй арыеньціроўкай маюць адну антрапалягічную пабудову, з заходняй - іншую.
            - Усё ж якія аргумэнты выстаўлялі вашыя апанэнты?
            - Напрыклад, чаму балцкія ўпрыгожаньні не дайшлі да XVIII стагодзьдзя (да этнаграфічнага часу)? Але да этнаграфічнага часу не дайшлі ня толькі балцкія, але й славянскія ўпрыгожаньні. Прамінула амаль тысячагодзьдзе, а ўпрыгожаньні хутка мяняюцца, гэта ж - мода.
            Таксама не дайшла ўсходняя арыеньціроўка часткі могільнікаў, галоўным чынам з-за пашырэньня хрысьціянскіх канонаў пахаваньня.
            Мне здаецца, што ў той палеміцы для маіх апанэнтаў галоўнае было - ідэя, а ня факты. Дыскусіі са мной вялі не археолягі, а этнографы, гісторыкі. Неаднаразова крытыкаваў тэорыю балцкага субстрату Абэцэдарскі. Бадай што адзіны археоляг, які ўдзельнічаў у дыскусіі, быў член-карэспандэнт АН БССР, ленінградзкі навуковец Трацьцякоў. Ён адзін зь першых выступіў супраць маёй тэорыі, але праз 4-5 гадоў выдаў кнігу, дзе пісаў аб балцкім субстраце ў Беларусі. Згаджаўся з маімі поглядамі й беларускі археоляг Аляксей Мітрафанаў, згаджаўся, але адкрыта не падтрымліваў. У кабінеце дапаўняў мае факты, дадаваў дадзеныя сваіх раскопаў, а ён іх праводзіў беспапасярэдна ў Беларусі, я ж - на Смаленшчыне, і абагульняў назапашаны за некалькі дзесяцігодзьдзяў археялягічны матэрыял. Але адкрыта падтрымаць мяне не хацеў, казаў, што я выступлю ды зьеду ў Маскву, а яму тут заставацца.
            - Як пры такой атмасфэры дайшло да падрыхтоўкі канфэрэнцыі?
            - Дакладна ня ведаю, але, кажуць, зь ініцыятывы адзьдзела навукі ЦК КПБ. Гэта мелася быць канфэрэнцыя, адмыслова прысьвечаная пытаньню этнагенэзу беларусаў.
            Я атрымаў запрашэньне, даў згоду й даслаў тэзы. На канфэрэнцыі павінны былі выступіць лінгвісты, этнографы, антраполягі, археёлягі. Карацей, задума была маштабная. Мелася яна адбыцца дзесьці ў 1973 годзе. Але арганізатары, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру АН БССР вырашылі на пленарныя пасяджэньні выставіць толькі даклады праціўнікаў тэорыі балцкага субстрату, а на больш дробныя, сэкцыйныя, дзе, дарэчы, грунтоўнай дыскусіі быць ня можа, - прыхільнікаў. Гэта было не зусім прымальна, бо траціўся навуковы сэнс дыскусіі. Нават кіраўніцтва майго інстытуту ў Маскве сумнявалася, ці варта ехаць на такую канфэрэнцыю, якая мелася быць не зусім навуковай па характару. Але я вырашыў усё ж ехаць.
            За два месяцы да канфэрэнцыі ў тым жа часопісе «Советская этнография» зь вельмі крытычным у мой адрас артыкулам выступіла супрацоўніца майго ж інстытута ў Маскве Салаўёва. У артыкуле былі сабраныя ўсе магчымыя аргумэнты супраць маёй тэорыі. На аргумэнтах Салаўёвай будавалі сваю крытыку многія мае навуковыя апанэнты. З гэтага артыкула, на маю думку, вынікала толькі тое, што фактаў на карысьць тэорыі балцкага субстрату гэтак багата, што аспрэчыць іх нельга, хіба толькі замоўчваць. Мяркуючы па тэзах, якія выпусьцілі напярэдадні плянаванай канфэрэнцыі, праціўнікі (напрыклад, лінгвіст Філін) будавалі сваю крытыку на аргумэнтах Салаўёвай. Я даў адказ, паказаў, што ў гэтым артыкуле шмат блытаніны, чалавек проста не разабраўся, аўтарка багата чаго наблытала.
            І вось, літаральна за колькі дзён да адкрыцьця, канфэрэнцыю адмяняюць. Чуў я, што й тэзы, за выключэньнем асобных экзэмпляраў, панішчылі. Захавалі іх некаторыя навукоўцы, у некаторых бібліятэках ёсьць.
            - Што зьмянілася ў поглядах навукі на праблему этнагенэзу беларусаў? Які сёньняшні стан тэорыі?
            - У навуцы бывае так, што зьяўляюцца новыя навуковыя дадзеныя, якія цалкам абвяргаюць альбо прынцыпова мяняюць ранейшы навуковы погляд. Што да этнагенэзу беларусаў, дык фактаў на карысьць тэорыі настолькі багата, што іншы пункт гледжаньня можа трымацца, як я ўжо казаў, толькі на няведаньні альбо замоўчваньні. 70-я і 80-я гады далі новыя факты. Падам толькі некалькі прыкладаў. Выдаў дзьве кніжкі ўкраінскі мовазнаўца Непакупны. Адна называецца «Балты - ближайшие родичи славян», у другой дасьледуюцца балцкія элемэнты ў прыпяцкім Палесьсі, дзе ён даказвае, што, на падставе гідранімічных і лінгвістычных дадзеных, балты даходзілі да паўночнай Валыні. Непакупны зафіксаваў шэраг балтызмаў. Выявіць балтызмы ўдалося й пры аналізе пісьмовых крыніц XVII-XVIII стагодзьдзяў. У 1990 годзе ў Пскове адбылося чарговае пасяджэньне навуковага сэмінара па гісторыі Пскова й пскоўскай зямлі. З дакладам «Балтызмы ў беларускай мове» выступіў ковенскі мовазнаўца Рымша, які налічыў у беларускай мове некалькі соцень балтызмаў, хоць, безумоўна, нейкая частка іх можа быць аспрэчана. Што да самой Беларусі, дык у 70-х і 80-х гадох зноў якіх-кольвечы дыскусій не ўзьнікала. Але пры распрацоўцы навуковых праблемаў падобны пункт гледжаньня праводзіцца. Можна згадаць і нядаўнюю абарону доктарскай дысэртацыі Ўладзімерам Багамольнікавым (Гомельскі ўнівэрсытэт). Ён працуе на абмежаваным рэгіёне й не кранае тэорыю балцкага субстрату, але ўказвае, што балты зьяўляюцца кампанэнтай этнагенэзу радзімічаў. Падкрэсьліваецца, што этнагенэз мог разьвівацца ў розныя бакі. У выніку мог перамагчы любы з элемэнтаў. Такія прыклады навуцы вядомыя... Так, славянскае племя крывічоў пасялілася ва ўсходняй Латгаліі, але на гэтай тэрыторыі паступова асімілявалася й сталася латгаламі. Прыбалцкія фіны на Ноўгарадзкай зямлі ды славяне-крывічы склалі ноўгарадцаў.
            Урэшце й я далей распрацоўваў тэорыю ў сваёй кнізе «Восточные славяне в VI-XIII веках», якая выйшла ў Маскве ў 1982-м годзе.
            - Як вы ацэньваеце той факт, што ў выдадзенай АН БССР у 1985 годзе кнізе «Этнаграфія беларусаў» тэорыя балцкага субстрату адназначна характарызуецца як навукова-неабгрунтаваная? У выдадзенай у 1989 годзе энцыкляпэдыі (!?) «Этнаграфія Беларусі» навогул не згадваецца ні тэорыя, ні вашае імя? Гэта няведаньне ці замоўчваньне?
            - На праблему этнагенэзу беларусаў дагэтуль існуюць розныя погляды, дарэчы, не заўсёды абгрунтаваныя. Але для навукі карысна было б паставіць усе кропкі над «і». Можа, варта было б правесьці канфэрэнцыю... Мне думаецца, што пасьля яе тэорыя балцкага субстрату пераможа. Можа, варта было б выдаць навуковы зборнік «Этнагенэз беларусаў», дзе прывесьці розныя пункты гледжаньня. Пакуль жа існуюць два паралельныя пункты гледжаньня: «беларускі» й той, які, на маю думку, можна назваць навуковым. Я ўпэўнены, што ў навуцы будучыня за апошнім.. 

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы