. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




10/20/15

Летапісы пра нараджэнне Пагоні

Казбярук Уладзімір


Асновы магутнасці Вялікага Княства Літоўскага закладваліся ў XIII ст. Гэта быў час, калі вырашаўся лёс цэлых плямёнаў i княстваў, з якіх маглі б - пры спрыяльных акалічнасцях - утварыцца народнасці i дзяржавы. Вырашаўся ён у шматлікіх войнах, залежаў ад таго, як князі, вялікія i меншыя, умелі ацэньваць міжнародныя абставіны, сітуацыю ў суседніх княствах, рабіць адпаведныя вывады, знаходзіць саюзнікаў, а перш за ўсё - бараніць сябе са зброяй у руках. Па адных i тых самых воўчых законах дзейнічалі I татара-мангольскія орды i каталіцкія ордэны крыжакоў, мечаносцаў, братоў дабжынскіх (адзін з тагачасных каталіцкіх ордэнаў). Крыжакі з запалам i дзікасцю пустошылі ўладанні i язычніцкіх прыбалтаў, i польскіх каталіцкіх княстваў, а таксама праваслаўныя землі Вялікага Княства Літоўскага. Даверлівы князь Конрад Мазавецкі (не Кандрат, як ён называецца ў манаграфіі Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь»), запрасіўшы ў 1226 г. крыжакоў, праклаў дарогу на ўсход для закутых у жалеза воінаў. Яны на працягу трох стагоддзяў, аж да 1525 г., трымалі ў жаху цэлыя абшары як Польшчы, так i Вялікага Княства Літоўскага.

Тыя плямёны i княствы, што не далі рады прыстасавацца да жорсткіх вымаганняў часу, да воўчых законаў у міжнародных узаемаадносінах, да выпрабаванняў на трываласць, гінулі, зліваліся з больш арганізаванымі, раствараліся ў ix. Ад колішніх прусаў ды яцвягаў засталіся толькі ў нашых пісьмовых помніках летапісныя ўспаміны пра ix.
Гэта быў час, калі ўтвараліся зменлівыя - доўгачасовыя i кароткатэрміновыя - саюзы розных, звязаных паміж сабой i не звязаных, незалежных i залежных княстваў. Утварылася стракатая мазаіка палітычнага жыцця - саюзаў, захопаў новых земляў, набегаў на чужыя тэрыторыі, замірэнняў, палітычных, сваяцкіх і гандлёвых сувязей. У ix нам сёння вельмі цяжка разабрацца, лёгка заблытваюцца нават прафесіянальныя гісторыкі.
У тых умовах агульныя - ix з поўным правам можна назваць дзяржаўнымі - інтарэсы ўсё больш моцна аб'ядноўвалі некаторыя славянскія i балцкія плямёны, якія - вядома, не без шматлікіх разнастайных канфліктаў - усё больш цесна згуртоўваліся i ўтварылі з цягам часу Вялікае Княства Літоўскае.
Ужо тады дзяржавы, княствы, князі мелі сваю атрыбутыку. Іменна ад таго далёкага XIII ст. дайшла да нас Пагоня.
Што мы пра яе нараджэнне ведаем сёння? Пачытаем энцыклапедыю: «Коннік з мячом або кап'ём - сімвал, пашыраны ў сфрагістыцы i геральдыцы сярэдневяковай Еўропы. Ен трапляецца на пячатках... полацкага князя Нарымунта (Глеба) Гедымінавіча (1330)... i інш. Паводле Густынскага летапісу. Вял. кн. літ. Віцень (1293-1316) «нача княжнтн над Литвою измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройный на коне с мечем, еже ныне наричут погоня». (...). Спачатку была асабістай эмблемай князя, з цягам часу стала гербам роду (дынастыі), зямлі, дзяржавы. За дзярж. герб Вял. кн. ЛІТ. прынята ў 1384...» Аўтары гэтага артыкула - В. А. Чамярыцкі i Г. В. Штыхаў.
Здаецца, у сё ясна: герб Пагоня ідзе ад Віценя, які яго прыдумаў спачатку для сябе, а потым пакінуў у спадчыну Вялікаму Княству Літоўскаму. Але ёсць крыніцы, якія падаюць іншыя звесткі. Гэта - «Летапісец Вялікага Княства Літоўскага i Жамойцкага», што збярогся ў Бібліятэцы Рачынскіх у Познані (у навуковай літаратуры яго называюць «Летапісам Рачынскага»), Хроніка Быхаўца i іншыя.
«Летапісцу...» вельмі не пашанцавала: да яго практычна не звяртаюцца сучасныя даследчыкі, хаця чытач там знаходзіць своеасаблівую храналогію i трактоўку гістарычных падзей i такія паведамленні, якія многімі сёння могуць успрымацца як сапраўдныя адкрыцці. Гэтыя ж звесткі сустракаюцца i ў Хроніцы Быхаўца, але часта даследчыкі не звяртаюць на ix увагі. Прыкладаў можна прывесці шмат, але я спашлюся на два. Там, у прыватнасці, апавядаецца пра бітву на Ірпені, пра якую мы сёння практычна нічога не ведаем. А вось славуты «Летапіс Самавідца» ў сярэдзіне XVII ст. пачаў свой беглы - сёння мы яго назвалі б тэзісным - агляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з гэтай бітвы як з такой маштабнай падзеі, якая прадвызначыла лес дзяржавы. Не перамогу пад Грунвальдам успомніў летапісец, а бітву на Ірпенi.
I другі прыклад - не такі значны, але вельмі характэрны. Мікола Ермаловіч у кнізе «Па слядах аднаго міфа» піша: «Чамусьці не звяртаецца ўвага на тое, што браты Гедыміна насілі славянскія імёны Віцень i Воін». Гэтую ж думку паўтараюць i іншыя даследчыкі i ў прыватнасці, на старонках «Спадчыны» Язэп Юхо: «Славянамі па паходжанні былі вялікія князі літоўскія Гедымін i яго браты Віцень i Воін». Тое ж самае паведамляецца ў БелСЭ i ў «Большой Советской Энциклопедии».
А вось у артикуле Віктара Чаропкі «Віцень», таксама змешчаным у «Спадчыне», мы чытаем: «На славянскія карані Віценя паказваюць імёны ягоных сыноў (а не братоў.- У. К.) - Воіна i Фёдара. Імя трэцяга ягонага сына, Гедыміна, відаць, з'яўляецца крыўскім... Тут невыпадкова Воін, Фёдар і Гедымін называюцца Віценевымі сынамі, а не братамі, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі». Гэтая думка ў артыкуле абгрунтоўваецца дастаткова пераканаўча, са спасылкай на самыя разнастайныя крыніцы. Застаецца толькi дадаць, што i «Летапісец...» называе Гедыміна сынам Віценя.
На што тут хацелася б звярнуць увагу ў сувязі з гаворкай пра Пагоню? У нашых крыніцах (у тым ліку i ў прыведзенай цытаце з БелСЭ) называецца толькі адзін Нарымунт - сын Гедыміна. Яго яшчэ звалі Глебам. Жыў ён у XIV ст. А вось пра Нарымонта (Нарымунта), які княжыў у папярэднім, XIІІ ст. нашы аўтары - ні гісторыкі, ні літаратары - не паведамляюць нічога. Ен толькі выпадкова згадваецца ў Міколы Ермаловіча. Са спасылкай на Хроніку Быхаўца аўтар неяк мімаходзь называе яго: «Трайдзень да таго, як стаў вялікім князем у Новагародку, быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі к гэтаму часу сваіх князёў і легка паддаліся яго ўладзе».
Той Нарымонт не ўпамінаецца ні ў савецкай энцыклапедыі, ні ў рознага роду публікацыях. А між тым яшчэ ў XIX ст. у польскай «Усеагульнай энцыклапедыі» С. Альгебранда (т. XIX.- Варшава, 1865) паведамляецца: «Нарымунд, вялікі князь літоўскі, сын Рамунда, пачаў панаваць пасля смерці бяздзетнага Трабуса... Нарымунд... у якасці дзяржаўнага герба зацвердзіў Пагоню. Сваю сталіцу перанёс з Наваградка Рускага ў Кернава, які быў горадам радзімага краю... Памёр бяздзетны ў 1282 г.».
«Летапісец...» паведамляе, што Нарымонт быў найстаршым сынам князя Рамана. Братамі Нарымонта з'яўляліся Даўмонт, Гольша, Гедрус, Тройдзень. З ix толькі пра Даўмонта i Тройдзеня шмат пішуць даследчыкі.
Падзеі, апісаныя ў «Летапісцы...», самі па сабе вельмі цікавыя, хоць некаторыя з ix пярэчаць версіям з іншых крыніц і сучасных публікацый. I задача даследчыкаў - яшчэ раз вярнуцца да гэтых спраў, усё ўзважыць, нешта адкінуць, з чымсьці пагадзіцца. Але так ці інакш любая версія, якая дайшла да нас з тых так далёкіх часоў, абавязвае нас задумацца над ёю.
Прачытаем летапісную аповесць пра самыя разнастайныя падзеі, сярод якіх трапіла i паведамленне пра нараджэнне Пагоні. Думаецца, што абмяжоўвацца выключна адной фразай, якая датычыць герба, нельга, бо ў такім выпадку чытач нічога не зразумеў бы.
«Троидень пак поиметь жену у княжати мазовэцкого, дочку его, и мел з нею сына, реченаго Рымонта. И коли сын его Рымонт доростал лет своих, и отець его Троидень дал его для науки языка руского до Льва Мъстиславича, который заложыл город во имя свое, Львов. И мешкаючы Рымонту у князя Льва, и навчылся языка руского, и сподобалася ему вера хрестиянская и окрестилъся, и врозумел, иж тот свет ничего не ест, и опустившы свет и пострыгъся в чернъцы, и названо имя ему Василии, а прозвищом Лаврыш. И будучы ему в чернъцох, прышол до дядка своего Нарымонта и просил его, абы ему дал в Новогородском повете местцо на пущы подле реки Немна, где бы собе манастыр збудовати мел, и он ему допустил. И он собе там манастыр збудовал, и поставил напервеи церъков святого Воскресенья, и оттоле прозвано Лаврышов манастыр. И будучы ему у манастыры, дядко его умреть, и Панове литовские и жомоитские взяли собе великим князем Троиденя. И пануючы великому князю Троиденю, и князь великии Довмонт, прышодъшы зо Пъскова, возметь город Полътэск и почнеть княжыти на Пъскове и на Полоцку. И жаль ему было того велми, иж брат меншыи осел панство у Литве, и почал о том мыслити, як бы его мел о смерть прыправити. А в тых часех пануючы Троиденю, умерли ему обадва браты, князь Польша а князь Кгедрус. А з оное вышеиписаное вазни князь великии Довмонт направил шесть мужыков на брата своего Троиденя забити, яко ж он шол бэзпечне собе з лазни в Новгородку, и тые мужыки его зрадне забили. А сам Довмонт, собравшыся 3 людми своими пъсковскими и полоцкими, и потягнул до Литвы, хотечы быти князем литовским и жомоитским. и реченыи чернец Лаврыш, по-литовски зовемыи Лаврымонт, а по-рускии Василеи и жалуючы смерти великого князя Троиденя, отца своего, и оставившы чын чернеческии и прышол до панов. И собравшыся со всякими силами своими литовскими, и потягнул противко Довмонта, хотечы помстити кров отца своего. И направившыся с польки своими, и потъкалися з Довмонтом над озером, и коли зышлися полки с обу сторон, и был межы ними бои и сеча великая с поранку, оли ж до вечера, и поможеть Бог Лаврышу, и все войско дядка своего Довмонта наголову поразил и самого его убил, и город Полътэск взял. И вернувшыся назад к стольцу отца своего до Кернова, и рек паном: «Коли мне Бог дал помстити кров отца своего, я света того отрекаюся, взял есми на себе чорную рызу, а господарства я не хочу. Возмите собе господарем, кого воля ваша будеть. А вед же я ражу вам: ачъколвек ест братя моя, Гольшын сын Олькгимонт, а Кгедрусов сын Кгинвил. Ино еще они малы суть, не годяться на панство, бо дядко мои Нарымонт, коли сел на Великом князстве Литовъском, гэрб свои Китаврус зоставил брати своей, а собе вделал герб - чоловека на кон з мечом, а то знаменуючы через тот герб пана дорослого лет, хто бы мог боронити мечом отчызны своее. А про то оберыте собе господара доброго, хто бы мел боронити того панства. Великого князства Литовъского. И так ми ся видить, иж бы к тому был годный Витеня, который был маршалъком ув отца моего». И панове не хотели переступити рады а воли господара своего прырожоного, сына великого князя Троиденева, вчынили так: видечы мужа мудрого а годного Витеня, который был з рожаю, а с поколенья с Колюмнов, з ыменя деръжачого в Жомоити, реченого Аиракгола, взяли его собе великим князем литовским и жомоитским, бо князь великии Троидень, будучы в Жомоити, ехал через именье его Аиракголу и узрал оного Витеню еще малым младенцом, и вбачыл оное дитя обличем велми хорошо и възросту цудного, играючы з детми малыми, и взял его к собе. И был у него коморником, и будучы в него в коморе кождую реч цудне а радне панскую ховал и справовал. А так он, бачечы цноту его и доброе заховане, вчынил его в себе маршалъком, и был в него милосником и всяким справцою, и затым по смерти его взяли его на Великое князство Литовъское. Тут ся доконал род с Китаврусов а начало великое княжэнье Витенево, род великих князей литовских с поколенья а з роду с Колюмнов.»
Адсюль вынікае, што ў Віценя быў уласны герб Калюмны (выявы калонаў, слупоў). Але ён жа захаваў для Вялікага Княства Літоўскага Пагоню, якую ўзаконіў яшчэ Нарымонт. Герб Віценя згадваецца i ў Міколы Ермаловіча: «Для складальнікаў летапісаў XVI ст. важней за ўсё было паказаць у інтарэсах тых магнатаў, якія адносілі сябе да роду Калюмнаў, што з гэтага роду паходзіць Віцень... Выдуманая гісторыя пра паходжанне Віценя i з'явілася падставай для многіх даследчыкаў лічыць яго пачынальнікам новай дынастыі вялікіх літоўскіх князёў. Але ж фактычна новая дынастыя пачалася з Трайдзеня...» Застаецца, аднак, загадкай, чаму «новая дынастыя пачалася 3 Трайдзеня», калі сам аўтар манаграфіі «Старажытная Беларусь» пісаў: «Мы нават не можам упэўнена сказаць, хто змяніў Трайдзеня на велікакняскім пасадзе». А некалькі пазней ён дадае пра тых, што княжылі ў Вялікім Княстве Літоўскім пасля Трайдзеня: «Нічога нельга сказаць, ці належалі гэтыя князі да яго (Тройдзеня - У. К.) роду».
У заключэнне варта прывесці некалькі цытат з даследаванняў, якія маюць дачыненне да «Летапісца...» Пачаць давядзецца з нетрадыцыйнага боку. У сучасным акадэмічным выданні Хронікі Быхаўца на рускай мове з уступным артыкулам, каментарыямі i перакладам вядомага гісторыка Міколы Улашчыка, у прыватнасці, паведамляецца: «Адзінай вядомай крыніцай хронікі Быхаўца з'яўляецца Іпатаўскі летапіс, адкуль храніст запазычыў звесткі аб праўленні князя Міндоўга i падзеях, што адбыліся пасля яго смерці».
Міколу Улашчыка паправіў Вячаслаў Чамярыцкі, які пісаў, што крыніцамі Хронікі Быхаўца паслужылі «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага i Жамойцкага», Галіцка-Валынскі летапіс, Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. У сваю чаргу пра «Хроніку Вялікага Княства Літоўскага i Жамойцкага» ён паведаміў: «Збераглася ў з рэдакцыях: кароткай... пашыранай... i поўнай (гл. «Летапіс Рачынскага», «Еўраінаўскі летапіс»). Паслужыла непасрэднай крыніцай Хронікі Быхаўца, «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай i ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага, «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» А. Гваньіні, некаторых іншых хронік i гісторый 16- 19 ст.». Што ж датычыць так званага «Летапісу Рачынскага», дык у ім, паводле Чамярыцкага, «аб'яднаны «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага i Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» i шэраг іншых.
Фрагмент летапісных збораў пра Пагоню выпаў з поля зроку нашых даследчыкаў. А ён сведчыць пра тое, што Пагоня ў якасці дзяржаўнага герба Вялікага Княства Літоў' скага была зацверджана раней, чым мы сабе ўяўлялі дагэтуль.


Крыніца: Казбярук Уладзімір. Летапісы пра нараджэнне Пагоні // Спадчына №3-1992. С. 9-14. 

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы