М. Ермаловіч
Само сабой зразумела, што масавы і
неаднаразовы прыліў славянаў на тэрыторыю балтаў ня мог не прывесьці да
сваеасаблівай этнічнай рэвалюцыі. Менавіта ад часоў прыходу славянаў на
тэрыторыю сучаснай Беларусі і пачатку іх сумеснага жыцьця з балтамі й
пачынаецца саманараджэньне беларускага народа і яго самаразьвіцьцё.
У сучаснай гістарычнай навуцы
дамінуе думка, што ўзаемаадносіны славянаў з карэннымі насельнікамі былі ў
асноўным мірныя. Але адначасова чуюцца галасы пакончыць з саладжавай
ідэалізацыяй працэсу славянскай каланізацыі балцкіх і фіна-ўгорскіх земляў, які
нібыта працякаў у выглядзе павольнай мірнай інфільтрацыі славянаў на пустуючыя
ўчасткі ўладаньняў сваіх суседзяў. Славяне, гавораць гэтыя дасьледчыкі, нічым
не адрозьніваліся ад іншых народаў, якія шляхам заваяваньняў пашыралі сваю
тэрыторыю. I гэта не беспадстаўна. Устаноўлена, што на рубяжы VII—VIII стст.
большасьць умацаваньняў балцкага насельніцтва банцараўска-тушэмленскай культуры
загінула ў выніку пажараў. Гэта вельмі красамоўны факт, і ён, бясспрэчна,
зьвязаны з гвалтоўнымі дзеяньнямі. У археолягаў няма адзінай думкі наконт
існаваньня ваенна-палітычнай арганізацыі балтаў. Адны зь іх адмаўляюць яе,
другія сцьвярджаюць, што яна існавала на ўзроўні саюзу плямёнаў і магла
захоўваць бясьпеку асобных абшчынаў. Супраціўленьне балтаў новым прышэльцам,
відаць, і прывяло да гібелі балцкіх умацаваньняў.
Тое, што балцкае насельніцтва ў
асноўным працягвала жыць на старых месцах, таксама ня можа быць сьведчаньнем
мірных адносін яго да славянаў. Як мы ўжо ўпэўніліся, славяне ішлі з розных
бакоў, асабліва з поўдня, паўднёвага захаду й захаду, і балтам, па сутнасьці,
не было куды ўцякаць. Хоць, вядома, нельга й поўнасьцю адмаўляць перамяшчэньне
іх у паасобных месцах. Магчыма, што ў Волга-Окскае міжрэчча балты праніклі ў
выніку славянскага націску з поўдня й захаду. Толькі пасьля ўжо, калі было
зламана супраціўленьне балтаў і калі яны былі з усіх бакоў аточаны славянамі,
маглі ўстанавіцца больш-менш мірныя адносіны паміж прышэльцамі і мясцовымі
жыхарамі.
Дарэчы тут трэба заўважыць, што
спробы шэрагу дасьледчыкаў устанавіць пэўныя скразныя межы паміж балцкім і
славянскім насельніцтвам у той ці іншы час зьяўляюцца марнымі, бо як славяне,
так і балты былі разьмешчаны адны каля адных астравамі. I наогул нельга ўяўляць
славянскую асіміляцыю балтаў просталінейным працэсам. У літаратуры зусім слушна
ўказвалася, што «асімілёўвалі ня толькі славяне балтаў, але і ў
шэрагу выпадкаў славяне былі асіміляваны балтамі».Толькі ў
канчатковым выніку перамагла славянская стыхія.
Славянска-балцкае сумеснае жыцьцё
мела надзвычай важныя гістарычныя вынікі. Як сьведчыць археалёгія, істотнай
розніцы ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця славянаў і балтаў не было.
Як у адных, так і ў другіх земляробства й жывёлагадоўля зьяўляліся галоўнымі
заняткамі, як адны, так і другія ўступалі ў стадыю разлажэньня родавага ладу.
Усё гэта, вядома, не магло не садзейнічаць арганічнаму зрашчэньню славянскага й
балцкага насельніцтва ў адзіны сацыяльна-эканамічны комплекс.
Немалаважнае значэньне ў паскарэньні
гэтага працэсу мела й аднолькавасьць рэлігійных вераваньняў. Як славяне, так і
балты былі паганцамі. Ня выключана, што славяне, апынуўшыся сярод балтаў, маглі
аказацца пад моцным уплывам паганства абарыгенаў і шмат чаго запазычыць у іх.
Аднолькавая рэлігія спрыяла й этнічнаму збліжэньню славянаў з балтамі.
Факты паказваюць, што ніяк нельга
зьменшваць ролі балцкага субстрату ва ўтварэньні беларускага народа. На нашу
думку, бессэнсоўна падзяляць усходнеславянскія плямёны ў час іх расьсяленьня на
велікарускія, украінскія й беларускія, як гэта ў свой час рабілі А. А. Шахматаў
і А. А. Сьпіцын. Так, напрыклад, яны да велікарускіх плямёнаў побач з
наўгародцамі-славянамі адносілі ўсіх крывічоў, а да беларускіх (Шахматаў) — дрыгавічоў,
радзімічаў і вяцічаў, Сьпіцын — радзімічаў і вяцічаў. Аднак гэта схема
супярэчыла сапраўднасьці, і Сьпіцын заўважыў, што там, дзе археолягі выявілі
пашырэньне крывіцкіх (полацкіх і смаленскіх) курганоў XI ст., у сучасны момант
жывуць не вяліка-русы, а беларусы. I ён у роспачы адзначыў, што ня бачыць
выхаду з гэтай дылемы. I ўсё ж выйсьце трэба шукаць. Справа ў тым, што
славянскія плямёны сталі вялікарускімі, украінскімі й беларускімі не да
перасяленьня ва Ўсходнюю Эўропу, а пасьля яго і ў залежнасьці ад таго, на якой
тэрыторыі яны пасяліліся і зь якім карэнным насельніцтвам уступілі ў сумеснае
жыцьцё. Вяцічы, як і радзімічы, зь якімі яны былі, відаць, вельмі блізкія,
маглі стаць беларускім племем, калі б яны таксама пасяліліся на балцкай тэрыторыі.
Аднак гэтага не адбылося, яны аселі на ўгра-фінскім субстраце і таму ўвайшлі ў
склад вялікарусаў. У свой час П. Галубоўскі (ён быў першы, хто зьвярнуў увагу
на значэньне балтаў ва ўтварэньні беларускага народа й мовы) выдатна
праілюстраваў значэньне субстрату на лёсе крывічоў. Тая частка іх, якая
пасялілася ў верхнім Паволжы, не ўвайшла ў склад беларусаў і гаворыць на
вялікарускай мове. Прычына таму — гэтыя крывічы, у адрозненьне ад сваіх
заходніх супляменьнікаў, аселі не на балцкай тэрыторыі, а на фіна-ўгорскай і
таму сталі не беларусамі, а вялікарусамі. Іншы субстрат — іншы народ.
На значэньне балтаў у фармаваньні
беларусаў указвалі ў сваіх працах А. Качубінскі, А. Пагодзін, К. Буга, М.
Фасмер. Зараз гэтае пытаньне ў цэлым вырашана, яно пацьверджана археалягічнымі,
тапанімічнымі, этнаграфічнымі, антрапалягічнымі й лінгвістычнымі матэрыяламі,
знайшло сваё найбольш поўнае выяўленьне ў кнізе В. Сядова «Славяне
Верхнего Поднепровья и Подвинья». 3 шматлікіх
зьмешчаных у ёй прыкладаў прывядзём адзін характэрны факт. Дасьледчык паказаў,
як дрыгавічы, прасоўваючыся на поўнач, у глыбіню балцкай тэрыторыі, і
асімілёўваючы балцкае насельніцтва, у той жа час самі засвойвалі паасобныя яго
асаблівасьці, пра што сьведчаць іх пахаваньні з усходняй арыентацыяй ці наяўнасьць
зольна-вугальнай праслойкі ў іх курганах. Але, падкрэсліваючы значэньне
балцкага элемэнта ў фармаваньні беларусаў, мы адначасова не павінны й
пераацэньваць яго, бо беларусы хутчэй за ўсё зьяўляюцца не збалтызаванымі
славянамі, а аславяненымі балтамі. У гэтых адносінах асабліва каштоўныя
сьведчаньні антрапалёгіі, якія паказваюць, што роля балцкага субстрату ў
этнагенэзе беларусаў меншая, чым, напрыклад, угра-фінаў у этнагенэзе
вялікарусаў. Зьдзіўляе такса й малая ь балтыйскіх запазычаньняў у беларускай мове,
хоць, на першы погляд, іх павінна быць значна болей, асабліва ўлічваючы вялікую
колькасьць балцкіх гідронімаў у Беларусі. I гэта ня дзіўна. Як мы ўжо бачылі,
Беларусь у сілу яе геаграфічнага становішча была месцам, дзе асабліва
канцэнтраваўся славянскі элемэнт, і таму ён мог значна пераважаць і перамагаць
балцкі. Нельга забывацца й пра слабую заселенасьць паасобных месц у балцкую
эпоху. Так, землі на поўдзень ад Менска, міжрэчча Вяльлі ды Гайны й інш. амаль
поўнасьцю пуставалі, мала было паселішчаў на поўдзень ад Полацка. Зразумела,
што славяне, якія ў значнай колькасьці засялялі гэтыя мясцовасьці, толькі ў
малой меры маглі ўбіраць балцкія рысы.
Нельга пагадзіцца з тымі
дасьледчыкамі, якія сцьвярджаюць, што асіміляцыя балтаў закончылася ў XII—XIII
стст. Яна ішла на працягу ўсёй далейшай нашае гісторыі, ужо тады, калі
сфармаваўся беларускі народ, і нават мела месца ў зусім нядаўнім мінулым, ужо ў
нашым стагодзьдзі.
No comments:
Post a Comment